ПАВЕР У ЦУД
Вось так жывеш сабе, бяжыш кудысьці, увесь час заняты звычайнымі справамі і клопатамі. А потым раптам падымаеш галаву і заўважаеш, што вакол адбываецца самае сапраўднае чараўніцтва. І калі ў гэты момант асьцярожна, каб не спалохаць, дазволіць яму наблізіцца, твой сьвет ужо ніколі ня будзе ранейшым. Чараўніцтва ўвойдзе ў тваё жыцьцё, стане добрым сябрам і абаронцам, а яшчэ зоркай, якая асьвеціць шлях да мараў, што зьдзяйсьняюцца.
Так здарылася і з аўтаркай гэтай кнігі. Аднойчы на сьвітанку, дзесьці паміж сном і явай, проста зь неба пасыпаліся казкі. А потым пачалі прыходзіць героі — кожны са сваімі страхамі, цяжкасьцямі і марамі. Задача аўтаркі была простая: выслухаць, падтрымаць і дапамагчы зрабіць крок насустрач мары. А некаторым дзеля паскарэньня нават давялося выдаць чароўны штуршок.
АДЧЫНІ ДЗЬВЕРЫ ЧАРАЎНІЦТВУ
Героі гэтых гісторый — дзеці, якія вучацца быць сьмелымі, памыляюцца, робяць выбар і не баяцца спрабаваць зноў. Дзяўчынка Наста ратуе горад ад бяды, бо верыць у Анёла. Сева малюе горад будучыні і аднойчы сам трапляе ў яго. Муравейка разам з сябрамі адпраўляецца шукаць ідэальнае месца для жыцьця. А маленькі тэтрадон Пузырык 38 перамагае страх і нечакана становіцца сапраўдным героем.
Гэтыя казкі вельмі хацелі праявіцца ў нашым сьвеце, каб дзеці і дарослыя ўсьміхнуліся і сталі крышачку больш шчасьлівымі.
ЗРАБІ КРОК НАПЕРАД
Калі ты трымаеш у руках гэтую кнігу, значыць, гэта таксама невыпадкова. Выпадковасьці, якія не бываюць выпадковымі, усё яшчэ здараюцца. І гэта яшчэ адзін доказ таго, што цуды побач.
У кожнай з гэтых казак ёсьць сэрца. Яно сьпіць, пакуль ты не адкрыеш кнігу. А потым прачынаецца і пачынае біцца ў такт твайму сэрцу. Хіба гэта не цуд?
Часам, каб дакрануцца да чараўніцтва, дастаткова проста паверыць, што ў цябе ўсё атрымаецца, і, стоячы На Парозе, сьмела зрабіць крок наперад.
Цьвёрд./мякк. вокладка, 76 стар. ISBN 9788397912618
Электронны фармат: EPUB. ISBN 9781291641691
2026 © RozUM media
